ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,

участкі паляўнічых угоддзяў са спец. рэжымам выкарыстання, вылучаныя для зберажэння каштоўных відаў дзікіх звяроў і птушак і стварэння спрыяльных умоў для іх размнажэння. На Беларусі існавалі ў 1960—2000. У П.з. забаранялася здабыча і адлоў звяроў і птушак, начны лоў рыбы ў месцах пражывання баброў і інш. прыбярэжных звяроў, выпас жывёлы ў раёнах цецеруковых такавішчаў і інш. месцах размнажэння жывёл, разбіўка палатак і раскладанне вогнішчаў. Для аховы П.з. стваралася егерская служба. На тэр. П.з. ажыццяўляліся біятэхн. мерапрыемствы па павелічэнні колькасці відаў паляўнічай фауны, вялася барацьба з ваўкамі і інш.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)